СІНАНТРО́ПНЫЯ ВІ́ДЫ, сінантропы (ад грэч. syn разам + anthrōpos чалавек),
жывыя арганізмы, прыстасаваныя да існавання ва ўмовах, створаных або змененых чалавекам. Сярод жывёльных С.в. вылучаюцца аблігатныя, ці абавязковыя С.в. (напр., хатняя мыш, пацукі, пасцельныя клапы, тараканы), якія цесна звязаны з чалавекам і па-за межамі яго паселішчаў не сустракаюцца; факультатыўныя, ці магчымыя С.в. (напр., звычайная палёўка, некат. дробныя драпежнікі, вераб’іныя і курыныя птушкі), якія менш звязаны з чалавекам, пазбягаюць населеных пунктаў і жывуць на пасевах, у пасадках і інш. Інтэнсіўная урбанізацыя, развіццё трансп. сувязей садзейнічаюць пашырэнню арэалаў і колькасці відаў С.в., многія з якіх сталі касмапалітамі. Сярод С.в. шмат жывёл-шкоднікаў, што абумоўлівае неабходнасць барацьбы з імі. Да раслін-сінантропаў належыць пустазелле.
т. 14, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)